Што такое МедыяБарКэмп 2008?
МедыяБарКэмп – гэта ўнікальная міжнародная не-канферэнцыя па пытаннях новых медыя і медыя актывізму. На не-канферэнцыі будуць прысутнічаць каля 200 медыя-актывістаў, адмыслоўцаў з розных кірункаў IT-сферы, з Беларусі, краін Балтыі і СНД.
Зараз растлумачым усё па чарзе…
Чаму МедыяБарКэмп?
Мяркуецца, Што адмысловая ўвага будзе нададзеная розным медыяпраектам, якія прэзентуюць пункт гледжання нейкай групы. Не тэлеканалам або радыёстанцыям, а людзям, якія робяць відэаролікі пра тое, чым яны самі або іх сябры займаюцца, вядуць блог аб тым, што думаюць (важна! не проста графаманскі блог, а блог + наяўнасць развітога мыслення), запісваюць падкасты з сябрамі, рыхтуюць фотарэпартажы пра тое, што іх атачае. Гэта значыць усе тыя, у каго ўжо ёсць навык працы з сучаснымі медыятэхналогіямі.
Правілы МедыяБарКэмпа маюць на ўвазе, што ўсе, хто ўдзельнічае у ім, пачуваецца так жа вольна, як і ў прыстойным бары, і пры гэтым абсалютна вольны ў перасоўванні, як падчас пікніка на прыродзе.
Чаму не-канферэнцыя?
Таму, што на традыцыйных канферэнцыях ёсць доўгія і ўсыпляльныя пленарныя даклады, ёсць запрошаныя зоркі і проста слухачы-гледачы. Не-канферэнцыя мае на ўвазе адсутнасць такога выразнага падзелу на тых , хто выступае і тых, хто прыйшоў паслухаць. Калі ёсць жаданне ўдзельнічаць, то трэба рэгістравацца, рыхтаваць прэзентацыю, зрабіць анонс і спасылку на МедыяБарКэмп у сваім блогу або на сваім медыяпраекце. Быць актыўным. Не чакаць, калі скажуць нешта зрабіць, а прапаноўваць і рабіць.
Чаму новыя медыя і медыяактывізм?
Таму, што новыя медыя сёння – гэта новы асяродак існавання культуры. Але не той, якая пыліцца на паліцах у музеях, а культуры, якая ствараецца сёння намі. Наш асяродак, нашы штодзённыя дзеянні – гэта таксама культура. Толькі іншая, якая ў значнай ступені існуе дзякуючы медыя прасторы. І тут адмысловая роля адводзіцца новым медыя (http://en.wikipedia.org/wiki/New_media), а таксама тактычным медыя (http://www.balsas.cc/category/vms/). Сёння здымаць відэа, апрацоўваць фатаграфіі на камп’ютэры стала наколькі проста, што гэта ўжо не з’яўляецца абавязкам адмыслова навучанай “касты” журналістаў. Кожны з нас можа быць сам-сабе тэлеканал, радыёстанцыя, газета – ды ўсё што заўгодна. Тактычныя медыя – гэта сур’ёзна. У Галандыі ўжо адбылося чатыры фэсты тактычных медыя “Next 5 Minutes” (http://www.next5minutes.org/).
Чаму міжнародная?
Таму, што няма абмежаванняў паводле грамадзянства, для таго, каб стаць удзельнікам або ўдзельніцай. Вядома, мы мяркуем, што вялікая частка ўдзельнікаў будзе з Беларусі і Літвы, але падаваць заяўкі і ўдзельнічаць могуць усе жадаючыя, незалежна ад колеру пашпарта, пола, расы, рэлігійнай прыналежнасці і іншых адрозненняў.
Навошта праводзіцца МедыяБарКэмп?
Асноўная мэта мерапрыемства – стымуляваць развіццё новых медыяпраектаў у Беларусі, наладзіць узаемадзеянне ўжо існуючых праектаў і ўсталяваць новыя кантакты сярод медыя-актывістаў.





